“Роля сям’і ў выхаванні патрыятычных пачуццяў”
На нашай неабсяжнай планеце Зямля ёсць маленькі куточак, мілы сэрцу кожнага беларуса. Гэта наша родная краіна – Беларусь. Спрадвеку беларусы клапаціліся аб сваім родным краі і ганарыліся ім. Знаёмства з роднай краінай, са сваёй сям’ёй фарміруе нацыянальную самасвядомасць, спрыяе сацыялізацыі выхаванцаў. Пачуцці любові да роднага краю і гонару за яго выхоўваюцца ў дзяцей, калі яны спасцігаюць яго мінулае і сучаснасць.
Безумоўна, аснова выхавання чалавека закладваецца ў сям’і. Патрыятычнае выхаванне, цікавасць да духоўнага пачатку нашага жыцця таксама павінны пачынацца ў сям’і. Але ўмоў для гэтага сёння, на жаль, мала. І справа тут не ў адсутнасці ў бацькоў часу для педагагічных гутарак са сваімі дзецьмі, а ў нашым жаданні аберагчы іх ад цяжкіх задач, працы. Кожная сям’я — гэта свой замкнёны свет і сваё жыццё, свая радасць і смутак, клопаты і традыцыі, свой побыт.
Не менш важнай умовай маральна-патрыятычнага выхавання дзяцей з’яўляецца цесная ўзаемасувязь з бацькамі. Дакрананне да гісторыі сваёй сям’і выклікае ў дзіцяці моцныя эмоцыі, прымушае суперажываць, уважліва ставіцца да памяці мінулага, да сваіх гістарычных каранёў.
У сучаснай сям’і вялікую частку часу дзіця мае зносіны з маці. Менавіта з ёй складаюцца даверлівыя адносіны, абмяркоўваюцца трывогі, пытанні, патрэбы. Аднак для дзяцей не менш важна і зносіны з татам. Чым часцей бацька мае зносіны з дзіцем, тым больш цеснымі становяцца эмацыйныя сувязі, а чым раней бацька далучаецца да догляду за малым, тым мацней і глыбей яго бацькоўскія пачуцці.
Устаноўлена, што ў сем’ях, у якіх бацькі шмат часу размаўляюць, гуляюць з дзецьмі, дзеці лепш развіваюцца. Аднак даказана, што дзеці, пазбаўленыя магчымасці мець зносіны з бацькамі або з адным з іх, валодаюць павышанай адчувальнасцю, маюць цяжкасці ў наладжванні кантактаў з аднагодкамі. Сур’ёзную небяспеку для развіцця дзіцяці ўяўляе адсутнасць эмоцый, ласкі, цеплыні пры нават і паўнавартасным задавальненні яго фізіялагічных патрэбаў. Толькі добрыя зносіны бацькоў з дзіцем спрыяюць усталяванню глыбокіх эмацыйных сувязяў, нараджаюць узаемную радасць.
Выхаванне дзяцей у любові і павазе да бацькоў, шанаванні продкаў — адна з вядучых ідэй педагогікі. Іншая ідэя — гадаваць будучага сем’яніна з малых гадоў шляхам фарміравання станоўчых маральных якасцяў (працавітасці, памяркоўнасці, падатлівасці, стараннасці, сціпласці, сумленнасці).
Спецыяльныя сацыялагічныя і псіхолага-педагагічныя даследаванні паказалі, што сям’я і ўстанова дашкольнай адукацыі, маючы свае асаблівыя функцыі, не могуць замяніць адзін аднаго і павінны ўзаемадзейнічаць ў імя паўнавартаснага развіцця дзіцяці.
Выхаванне маленькага патрыёта пачынаецца з самага блізкага для яго — цікавасць, эмацыянальна пазітыўныя адносіны да бацькоў і блізкіх дарослых; уяўленне пра роднасныя сувязі; цікавасць да роднай хаты, вуліцы, дзе яно жыве.
Рэкамендацыі:
- Звяртайце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднага краю.
• У час прагулкі раскажыце, што знаходзіцца на вашай вуліцы, пагаварыце пра значэнне кожнага аб’екта. - Дайце ўяўленне аб рабоце грамадскіх устаноў: пошты, крамы, бібліятэкі і г.д. Паназірайце за працай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.
- Усёй сям’ей прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні свайго двара.
- Пашырайце ўласны кругагляд. Наведайце бібліятэку, інтэрнет-сайты.
- Вучыце дзіця правільна ацэньваць свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей.
• Чытайце яму кнігі пра Радзіму, яе герояў, пра традыцыі, культуру свайго народа, творы беларускага народнага фальклору (казкі, вершы, забаўлянкі).
Развіццё асобы дзіцяці павінна грунтавацца на роднай гісторыі, на родным фальклоры і літаратуры, народных традыцыях і на роднай мове. Родная мова з’яўляецца значным сродкам засваення дзецьмі культуры свайго народа, фарміравання пачуцця нацыянальнай годнасці. Менавіта мова бацькоў з’яўляецца сродкам духоўнага развіцця асобы дзіцяці. Слуханне і разуменне – гэта першая ступень авалодання роднай мовай. Таму, калі дзеці слухаюць дарослых, яны вучацца разумець пачутае, вучацца гаварыць па-беларуску.
Адно з праяўленняў патрыятызму – любоў да прыроды. Яна вызначаецца беражлівым стаўленнем да яе, выяўляецца ў элементарным клопаце пра жывёл, у даступнай працы па вырошчванні раслін. Вялікае значэнне маюць прагулкі ў лес, на рэчку, у поле. Яны даюць магчымасць пазнаёміць дзяцей з некаторымі правіламі беражлівых адносін да прыроды. Пры азнаямленні з прыродай роднай краіны акцэнт робіцца на яе прыгажосць і разнастайнасць, на яе асаблівасці. Яркія ўражанні аб роднай прыродзе, аб гісторыі роднага краю, атрыманыя ў дзяцінстве, нярэдка застаюцца ў памяці чалавека на ўсё жыццё і фарміруюць у дзіцяці такія рысы характару, якія дапамогуць яму стаць патрыётам і грамадзянінам сваёй краіны.
Быць патрыётам сваёй краіны — значыць прымаць блізка да сэрца яе інтарэсы, клопаты, нягоды і радасці, адчуваць сябе адказным за ўсё тое, што ў ёй адбываецца. Стаўленне да Радзімы, яе культуры, гісторыі, мовы перадаецца ад бацькоў да дзяцей.