Любоў бацькоў да дзяцей – гэта тое, што дазваляе малым адчуваць сябе патрэбнымі і значнымі, расці ў атмасферы абароненасці. Бацькоўская любоў забяспечвае сыну ці дачцэ здароўе, правільнае выхаванне, з’яўляецца неабходнай умовай гарманічных адносін у сям’і.
Аднак часта ўзнікае праблема: бацькі ўпэўнены, што любяць дзіця, а сын ці дачка не адчуваюць гэтай любві. Як данесці сваю любоў да малога, каб ён не проста ведаў, але і адчуваў, што яго любяць? Спосабы, якія дазваляюць маці або бацьку выказаць любоў да дзіцяці , самыя разнастайныя : пахвала, камплімент, ласкавыя словы, падтрымка, адабрэнне, пяшчота, усмешка, добразычлівыя інтанацыі, заахвочванне, падарунак…
Чалавеку дадзены дар зносін, аднак таленавіта карыстацца ім могуць не ўсе. Гэта тлумачыцца тым, што зносіны з’яўляюцца адначасова і навукай, і мастацтвам. І спасцігаць такое спалучэнне чалавеку даводзіцца на працягу ўсяго жыцця.
Бацькі змогуць наладзіць добрыя зносіны з дзецьмі, калі навучацца іх слухаць і чуць. Здаецца, проста, а на самой справе дастаткова складана ў дачыненні да канкрэтнай сітуацыі. Дарослыя назапашваюць вялікую колькасць негатыўных форм выказвання, якія перашкаджаюць эфектыўным зносінам з дзецьмі.
Гэта:
- загады, распараджэнні, каманды (“Мне напляваць, чаго ты хочаш. Хутка дамоў!”). Падобныя рэплікі бацькоў выклікаюць у дзяцей пачуццё страху, крыўды, прыніжанасці;
- папярэджванні, перасцярогі, пагрозы (“Калі ты будзеш скакаць па пакоі, я пакараю цябе!”; “Зараз жа перастань стукаць!” і г.д.). Падобныя словы спачатку прымушаюць падначаліцца, але затым выклікаюць агрэсію і жаданне праверыць, ці выканае дарослы сваю пагрозу (малы пачынае нешта рабіць знарок);
- павучанні, натацыі, пропаведзі (“Ты павінен паважліва ставіцца да таго, што гавораць дарослыя”). У такой сітуацыі ў дзіцяці ўзнікае пачуццё віны, а іншы раз моцны знешні ўціск можа выклікаць абыякавасць;
- гатовыя рашэнні (“Я думаю, што трэба зрабіць так”; “Я б на тваім месцы…”). Такія словы пераконваюць дзіця ў немагчымасці самастойна прымаць рашэнні, пазбаўляць яго ўпэўненасці ў сабе;
- крытыка, вымовы, абвінавачванні (“Ты зноў не прыбраў за сабой!”);
- абзыванне, высмейванне (“Эх ты, соня!”; “Ты бегаеш так хутка, як чарапаха”) – разбуральна ўздзейнічаюць на самаацэнку дзіцяці, на яго ўяўленне аб сабе;
- выпытванне, расследаванне, допыт – выклікаюць недавер да дзіцяці, сумненне ў ім;
- спачуванне на словах, супакойванне (“Супакойся, усё будзе добра”). Няшчырае спачуванне робіць яго праблемы нязначнымі, гэта яго крыўдзіць;
- пазбяганне размовы, спроба ператварыць праблему ў жарт (“Адчапіся! Надакучыў!”; “Што насупіўся, як хмара?”) – дзіця робіць вывад, што бацькі не разумеюць сур’ёзнасць яго праблем, а гэта крыўдзіць і прымушае шукаць людзей, якія здольны выслухаць яго.
Некаторыя рэакцыі перашкаджаюць нармальным зносінам дарослых і дзяцей. А як жа правільна слухаць малога, як практычна гэта ажыццявіць? Слухаць тое, што гаворыць дзіця, без прадузятасці, нават, калі нешта раздражняе, трэба забыць пра гэта і пастарацца быць уважлівым. Аддзяляць факты, пра якія паведамляе дзіця, ад яго меркавання аб іх.
Дарослы павінен не проста слухаць малога, а дэманстраваць сваё разуменне пачуццяў дзіцяці, выказваць яму спачуванне. Гэта ажыццяўляецца ў працэссе гутаркі, якая будуецца па пэўных правілах:
- слухаючы малога, нельга адначасова займацца нейкімі справамі, бо гэта не дазволіць глядзець яму ў вочы;
- калі дзіця нечым засмучана, гутарку пажадана весці ў сцвярджальнай форме, а не задаваць пытанні, бо пытанні ў дадзенай сітуацыі ўспрымаюцца маленькімі субяседнікамі як элементарная цікавасць, а не спачуванне;
- у час гутаркі неабходна “трымаць паўзу”, што дазволіць дзіцяці разабрацца ў сваіх пачуццях, перажываннях, адчуць прысутнасць дарослага;
- абавязкова трэба ўдакладніць, ці правільна вы зразумелі малога, а таксама сфармуляваць яго пачуцці ў дадзенай сітуацыі.
У выніку знікаюць цалкам або часткова адмоўныя эмоцыі, дзіця паведамляе пра сябе большую колькасць інфармацыі, само спрабуе вырашыць праблему.
Як бы не былі загружаны дарослыя, заўсёды можна знайсці свабодную хвілінку, каб сабрацца ўсёй сям’ёй за абедам, за вячэрай або каля тэлевізара ці камп’ютэра і расказаць аб падзеях мінулага дня, падзяліцца сваімі ўражаннямі, перажываннямі, думкамі. Гэта асабліва важна для дзяцей, якія вучацца жыць у міры, згодзе і любові.
Калі дзіця будзе адчуваць усе гэтыя станоўчыя ўмовы жыцця, то так жа спрыяльна будуць развівацца ў іх і станоўчыя якасці характару: акуратнасць, дысцыплінаванасць, сумленнасць, адказнасць, імкненне да дасканаласці, уменне радавацца, дружалюбнасць, ветлівасць, павага.
Што характэрна для ўсіх гэтых паняццяў? Як іх развіваць і ўдасканальваць?
Быць акуратным — гэта значыць выконваць усё своечасова, быць арганізаваным, добра сябе паводзіць.
Усе без выключэння таты і мамы мараць аб тым, каб іх дзеці былі акуратнымі. Адзін з самых дзейсных метадаў – ролевая гульня, т.ш. яна захапляе дзяцей, выклікае яскравыя станоўчыя эмоцыі, якія садзейнічаюць выпрацоўцы звычкі да падтрымання чысціні.
Вельмі добра, калі будуць пастаянныя, прыемныя, для яго хатнія абавязкі па падтрыманні чысціні. Гэта дазволіць яму адчуць сябе больш дарослым, усвядоміць неабходнасць штодзённай працы. Тэрыторыя для гульняў і заняткаў дзіцяці, за парадкам на якой ён сочыць, павінна быць абмежаванай – так малому будзе лягчэй падтрымліваць чысціню, і бацькам прасцей дапамагаць яму.
Дарослыя павінны ўхваляць дзяцей за любую самастойную спробу падтрымання парадку, падкрэсліваючы пры гэтым, што без дзіцячай дапамогі справіцца ім было б значна цяжэй.
Дысцыплінаванасць у дзяцей выхоўваецца не размовамі пра яе карысць, не павучаннямі, не крыкам ці загадамі. Бацькі павінны прывучаць дзіця да парадку, да выканання пэўных хатніх абавязкаў, правільнага рэжыму, да выпрацоўкі ўмення падпарадкоўваць свае жаданні патрэбам і інтарэсам іншых людей. Пачатак выхавання дысцыпліны ў дзяцей – прывучэнне іх да паслухмянасці.
Калі мы жадаем выхаваць дысцыплінаванасць у дзіцяці, можна параіць яму прытрымлівацца шэрагу правілаў:
- Перад тым, як зрабіць што-небудзь, добра падумай пра вынікі гэтага, а ўжо затым вырашай, як табе дзейнічаць.
- Калі ты ўзяў на сябе якія-небудзь абавязацельствы, стаўся да іх сур’ёзна і з ўсёй адказнасцю. Бяры на сябе толькі тое, што ты можаш выканаць.
- Кожнай справе трэба адводзіць свой час: заняткам і гульням, хатнім абавязкам і прагулкам. Вызнач для сябе некаторыя абмежаванні, напрыклад, колькі часу глядзець тэлевізар, колькі можна з’ядаць цукерак і да т.п.
- Цвёрда вырашы, што будзеш падпарадкоўвацца правілам у школе і дома, — хутка ты адчуеш, што гэта прыносіць табе асалоду.
- Рабі ўсё своечасова, нічога не адкладай на апошні момант, тады табе не прыйдзецца хвалявацца, што ты з нечым не справіўся.
Адказнасць – гэта здольнасць асобы кантраляваць свае ўчынкі ў адпаведнасці з прынятымі маральнымі і прававымі нормамі і правіламі, пачуццём абавязку.
Выхаванню адказнасці дзяцей садзейнічаюць распрацаваныя бацькамі сумесна з дзецьмі правілы:
- Не абяцай таго, што табе не пад сілу.
- Намагайся рабіць ўсё як мага лепш.
- Калі дапусціў промах, не шукай сабе апраўданняў, а зрабі ўсё магчымае, каб выправіць памылку.
Выхоўваць пачуццё адказнасці – гэта складаная задача. Не кожны дарослы валодае такой якасцю. Бацькі павінны дапамагчы малому зразумець, што ён існуе як асоба і сам нясе адказнасць за свае няўдачы і дасягненні. Дзіця адказвае за свой выбар, а бацькі – за тое, што падтрымліваюць альбо не падтрымліваюць яго.
Быць сумленным – гэта значыць казаць праўду, не хітраваць, не даваць дарэмных абяцанняў.
Калі бацькі жадаюць вырасціць сумленнае дзіця, найперш яны самі павінны быць сумленнымі з імі. Дзеці уважліва назіраюць за дарослымі і па іх паводзінах будуюць сваё разуменне правільнага і няправільнага. Вось чаму заўсёды трэба быць ўзорам для дзяцей, не хлусіць ім, выконваць свае абяцанні, на пытанні малых адказваць шчыра і адкрыта.
Калі дзіця ўсё ж паводзіць сябе несумленна, не трэба ўпадаць у істэрыку, а больш правільна будзе заключыць “Дамову сумленнасці”:
- Словы ніколі не павінны разыходзіцца са справамі.
- Нельга дазваляць іншым падманваць цябе.
- Кажы толькі тое, што сапраўды думаеш, рабі так, як сказаў.
- Абяцай толькі тое, што дакладна здолееш выканаць.
- Не хлусі, не падманвай, не бяры чужога.
- Не імкніся выглядзець лепш, чым ты ёсць насамрэч.
- Фантазіруй, але не мані.
- Пры любых абставінах кажы толькі праўду; калі зрабіў нешта дрэннае – прызнайся.
- Будзь сумленным сам з сабою, тады будзе значна лягчэй быць сумленным з іншымі.
Усе якасці характару выхоўваюцца пры дапамозе розных метадаў:
перакананне, патрабаванне, практыкаванне, прыклад, заахвочванне, але ў некаторых выпадках павінна прысутнічаць і пакаранне.
Парады бацькам:
- Сваю любоў да дзяцей і адданасць ім не ператварайце на справе ў прыслужванне і рабскую пакорнасць.
- Не бярыце на сябе дзіцячых турбот, якія ім патрэбны для самавыхавання.
- Не песціце іх бессэнсоўнай колькасцю падарункаў.
- Не выказвайце ў адносінах да іх дробязнай апекі.
- Расказвайце ім часцей аб сабе, аб сваім дзяцінстве, аб сваёй рабоце.
- Раскрывайце ім сваю душу, давярайце свае сумненні і перажыванні.
- Сакрэтнічайце з імі.
- Паказвайце ім прыклады смеласці, спагадлівасці, працавітасці.
- Дазваляйце ім працаваць разам з Вамі.
- Размаўляйце з імі, як з дарослымі.
- Не гаварыце ім, што яны яшчэ маленькія.
- Старайцеся далучыць іх да справы.